ГАГАУ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў. Пашырана ў паўд. раёнах Малдовы і Украіны (б. Бесарабія), на Паўн. Каўказе, нязначнымі арэаламі ў Казахстане, а таксама ў паўн.-ўсх. Балгарыі і Румыніі. На тэр. Малдовы і Украіны вылучаюць 2 асн. дыялекты: чадырлунгска-камрацкі (цэнтр.) і вулканешцкі (паўд.), існуюць і змешаныя гаворкі. Да перасялення ў пач. 19 ст. большасці гагаузаў з паўд.-ўсх. Балгарыі ў Бесарабію на гагаузскую мову ўплывалі навакольныя балканскія мовы і тур. гаворкі, пасля перасялення — рум., малд. і рус. мовы. У выніку гагаузская мова набыла рысы, не ўласцівыя фанет. і граматычнаму ладу цюркскіх моў: наяўнасць другасных доўгіх галосных, дыфтангізацыя і ётацыя галосных верхняга і сярэдняга пад’ёму у пач. слова; моцная палаталізацыя большасці зычных у суседстве з галоснымі пярэдняга рада; свабодны парадак слоў у сказе, развітая злучнікавая сувязь і інш. Пісьменства на аснове рус. графікі з 1957.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)